КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.Бэкана, І.Ньютана, Ч.Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.Максвел, П.Дзірак, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.
т. 8, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)